Будоўля Лідскага замку прыпадае на трыццатыя гады 14 ст. Лідскi замак дарэчы самы вялікі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У тыя часы Вялікім князем Літоўскім быў князь Гедымін, які ўвайшоў ў гісторыю, як таленавіты ваяр з крыжакамі. Скарыстаўшы часовае перамір'е з Ордэнам, вясной 1323 г. Гедымін разаслаў лісты ў паўночна-нямецкія гарады, якія не вельмі шанавалі крыжакоў, з запрашэннем на працу розных рамеснікаў, у тым ліку і муляроў. Ёсць меркаванні, што гэтыя майстры прынялі непасрэдны ўдзел ва ўзвядзенні Лідзкага замка. Будаўнікі, узяўшы за аснову рыцарскі кастэль, перапрацавалі і прыстасавалі яго да мясцовых умоў. Вучоны Міхась Ткачоў падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных мэтраў каменю, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску. Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы вяліся 5—7 гадоў.
Рознага за 7 няпоўных вякоў пабачылі сцены Лідскага замка. Былі ў яго жыцці і ўрачыстыя хвілiны: у 1387 г. польскі кароль і Вялікі князь Літоўскі Ягайла прымаў у замку прысягу ад свайго брата Скіргайлы, полацкага князя. Былі таксама і вялікія шматтыднёвыя святы: у 1422 г. ў замку шырока і бліскуча адзначаўся шлюб прастарэлага караля Ягайлы з маладзенькаю 17-гадовай Сафіяй Гальшанскай - родапачынальніцы каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Замак бачыў амаль усіх нашых каралёў і вялікіх князёў 14-18 стст.
У XIV ст. яго муры не раз вытрымлівалі націск крыжакоў.
Дасталося Лідскаму замку і ў час міжусобных войнаў. У пачатку XV ст. каля яго муроў апынуліся войскі смаленскага князя Юрыя, які прыйшоў вызваляць сваю сям'ю, захопленую ў палон Вітаўтам. Смаляне спалілі горад, некалькі разоў штурмавалі замак, але ўзяць яго не здолелі. Неўзабаве ў 1433 г. замак аблажылі войскі Свідрыгайлы, прэтэндэнта на велікакняжацкі прастол. Зноў горад ушчэнт спляжыў агонь, але абаронцы замка мужна адбілі ўсе прыступы захопнікаў.
Хто ж уладарыў тады ў гэтых мясцінах? У 1397 г. лідская воласць была аддадзена Вітаўтам залатаардынскаму хану Тахтамышу. Хан пражыў у Лідзе два з паловай гады ў асобным доме, што стаяў у ваколіцах замка (там дзе зараз знаходзіцца мураваны касцёл). У 40-ых гадах XV ст. Лідскім старастам быў яшчэ адзін перабежчык з Залатой Арды - хан Даўлет Хаджы-Гірэй. Яму лёс выпаў больш шчаслівы, бо з дапамогай феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ён стаў ханам перакопскіх татар.
У канцы XIV — пачатку XV ст. ўнук Гедыміна, вялікі князь Вітаўт, перабудоўвае замак і робіць яго адным з самых магутных у Вялікім княстве Літоўскім.
У другой палове XV ст. замак часова знікае са старонак старажытных летапісаў і хронік. І гэта не дзіўна. Бо для Ліды надышлі адносна спакойныя часы. Гарадская забудова той пары была драўлянай і размяшчалася на поўнач ад замка.
У пачатку XVI ст. зноў у тутэйшых мясцінах зашугала полымя пажараў. На гэты раз да замка падышлі орды крымскіх татар. Аднак штурмаваць умацаваны замак татары баяліся. У гэты час было сабрана народнае апалчэнне колькасцю ў дзесяць тысяч чалавек, якое разбіла прышэльцаў у ваколіцах Ліды.
У часы панавання караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра Ліда атрымала магдэбургскае права. Cваіх умацаванняў горад не меў, таму ў час небяспекі жыхары шукалі паратунку ў замку. На той час замак атрымаў дадатковае ўмацаванне - штучнае возера, якое прыкрывала яго з усходу. Гэта возера ёсць на планах і малюнках XVIII - XIX стст. Замак з'яўляўся дзяржаўнай маёмасцю і ахоўваўся мясцовай шляхтай. Тут знаходзіліся склады зброі, гарнізон, у паўночна-ўсходняй вежы была турма. Да канца XVIII ст. тут адбываліся гарадскія суды.
У сярэдзіне XVII — пачатку XVIII ст. мірнае жыццё горада Ліды было перапынена войнамі. Летам 1659 г. замак з усіх бакоў аблажыла 30-тысячнае войска царскага ваяводы Мікіты Хаванскага і пасля гарматнага абстрэлу і працяглай асады ўзяло яго. Усе драўляныя будынкі былі спалены (і больш ужо не аднаўляліся), а калодзежы засыпаны. Пасля заканчэння руска-польскай вайны на тэрыторыі замка ніхто пастаянна не жыў. Моцны ўдар лідскім мурам нанеслі шведы, якія ў пачатку XVIII ст. ўзарвалі абедзве вежы, і ўмацаванне страціла сваё стратэгічнае значэнне. Муры яго паступова пачалі разбурацца. Аднак ва ўцалелых памяшканнях захоўваліся гарадскія акты і праходзілі суды. Амаль канчаткова замак парушыўся летам 1794 г.: у яго руінах вялі бой з царскім войскам паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі.
Трэба адзначыць, што ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. замак яшчэ ўражваў сучаснікаў сваёй магутнасцю. Тады стаялі амаль усе замкавыя муры з байніцамі і аркатурным поясам на паўночнай і ўсходняй сценах, дзе-нідзе рэшткі вежаў захоўваліся да ўзроўню трэцяга паверха. Менавіта з гэтага часу пачалося навуковае даследаванне помніка, да нас дайшлі яго першыя замалёўкі і апісанні.
Трапіць у замак праз вялікі ўваход можна было толькі дзякуючы пад'ёмнаму мосту.
3нікала з аблічча зямлі мноства гарадскіх пабудоў: ратуша, кармеліцкі кляштар, сінагогі, цэрквы Святога Спаса, Прачысценская, вадзяны млын, Гранд-гатэль Дагмара, крама сясцёр Бердаўскіх, цукерня "Амерыканка", кiнатэатр "Эдысон"... Замак устаяў. Ён быў, ён есць, ён будзе... Руіны яго захаваліся такім жа незразумелым чынам, як захаваліся "тутэйшыя" і іх мова: забаранялі, вымалi з карыстання, пракатвалі нашэсцямі i міжусобіцамi, дзялілі рэлігіямі і межамі, расстрэльвалі, вешалі і палілі, высялялі і ссялялі. Так жа павольна, як мова і народ, з прыпынкамі і адступленнямі аднаўляецца замак: няякасна, тапорна і безгустоўна, з розных па колеру цаглін, з недастасаванымі па памеру валунамi... Але адраджаецца.
А.А. Трусаў
Старадаўніх муроў адраджэнне: мінулае і сучаснасць лідскага замка
Мінск, "Полымя", 1990
Комментариев нет:
Отправить комментарий